Сумесная пазыцыя праваабарончых арганізацыяў напярэдадні чарговага раўнда дыялёгу па правах чалавека ЭЗ-Беларусь
ЕС-Беларусь

Сумесная пазыцыя праваабарончых арганізацыяў напярэдадні чарговага раўнда дыялёгу па правах чалавека ЭЗ-Беларусь

ЕС-Беларусь
ЕС-Беларусь

Беларуская праваабарончая супольнасьць падтрымлівае працяг дыялёгу па правах чалавека паміж Эўрапейскім Зьвязам і Рэспублікай Беларусь і напярэдадні яго чарговага раўнда лічыць важным адзначыць наступнае:

  1. Адным зь нешматлікіх пазытыўных момантаў у апошнія гады зьявілася прыняцьцё ўрадам Нацыянальнага пляну па правах чалавека, зь якім праваабарончая супольнасьць зьвязвала пэўныя надзеі па паляпшэньню інстытуцыйных і заканадаўчых асноваў па абароне і заахвочваньні правоў чалавека. На жаль, рэалізацыя пляну, у цэлым, не была эфэктыўнай, у тым ліку з-за недастатковага ўключэньня ў яго падрыхтоўку, рэалізацыю і прамежкавую ацэнку арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.
  2. Адзначым таксама пазытыўную практыку прыцягненьня прадстаўнікоў праваабарончай супольнасьці на мерапрыемствы, якія праводзяцца дзяржаўнымі інстытутамі для абмеркаваньня актуальных пытаньняў у сфеэы правоў чалавека, у тым ліку абмеркаваньне зьменаў заканадаўства, фарматаў узаемадзеяньня ў рамках міжнародных праваабарончых мэханізмаў. Разам з тым, са шкадаваньнем адзначаем, што ня ўсе зацікаўленыя праваабарончыя арганізацыі прыцягваюцца да абмеркаваньня. Акрамя таго, ні адна з прапановаў беларускай праваабарончай супольнасьці па зьмяненьні нацыянальнага заканадаўства не была рэалізаваная.
  3. Праваабарончыя арганізацыі вітаюць накіраваньне першага за апошнія 20 гадоў перыядычнага дакладу Беларусі ў Камітэт па правах чалавека ААН і падтрымліваюць рэкамэндацыі, прынятыя Камітэтам, а таксама рэкамэндацыі іншых дагаворных органаў.
  4. Мы лічым пазытыўным крокам ратыфікацыю Канвэнцыі аб правах асобаў з інваліднасьцю і зацьвярджэньне і рэалізацыю Нацыянальнага пляну дзеяньняў па імплэмэнтацыі Канвэнцыі да 2025 года, якія адбыліся пасьля ратыфікацыі. Таксама адзначаем дастаткова высокі ўзровень уключанасьці арганізацыяў людзей з інваліднасьцю ў распрацоўку і абмеркаваньне Нацыянальнага пляну і праекта Закона аб правах асобаў з інваліднасьцю. Пры гэтым мы канстатуем павярхоўны характар ​​рэформаў з пункту гледжаньня правоў чалавека, нізкі прыярытэт або поўную адмову разглядаць праблемы праваздольнасьці, мэханізмаў абароны правоў, абароны ад дыскрымінацыі, дэінстытуалізацыю.
  5. Нягледзячы на ​​названыя крокі, хочам падкрэсьліць, што істотных пазытыўных зьменаў у заканадаўчых, інстытуцыйных і практычных асновах заахвочваньня і абароны правоў чалавека ў Беларусі за апошні год не адбылося.
  6. Так, улады да гэтага часу не прадэманстравалі якога-небудзь сур’ёзнага прагрэсу ў стварэньні нацыянальнай праваабарончай установы; не прынятае ўсёабдымнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, не створаныя эфэктыўныя мэханізмы забесьпячэньня роўнасьці і абароны ад дыскрымінацыі, працягваецца практыка дыскрымінацыі ўразлівых групаў, у прыватнасьці, ромаў, прадстаўнікоў ЛГБТ, жанчынаў і г.д.
  7. У Беларусі працягвае ўжывацца смяротнае пакараньне. Нягледзячы на ​​адносную адкрытасьць парлямэнцкай рабочай групы па вывучэньні праблематыкі сьмяротнага пакараньня, вынікі яе дзейнасьці так і не былі даведзеныя да ведама шырокай грамадзкасьці, невядомыя далейшыя пляны яе працы.
  8. Акрамя таго, застаецца актуальным шэраг праблемаў, якія адбіваюцца на незалежнасьці судзьдзяў і ўплываюць на рэалізацыю права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Судовая ўлада працягвае знаходзіцца пад сур’ёзным уплывам Прэзыдэнта і яго Адміністрацыі, у прыватнасьці, у пытаньнях прызначэньня, звальненьня і прыцягненьня судзьдзяў да дысцыплінарнай адказнасьці. У Беларусі адсутнічае рэальная незалежнасьць і самакіраўніцтва калегіяў адвакатаў і свабода ажыцьцяўленьня прафэсіі адваката. Міністэрства юстыцыі мае шырокія паўнамоцтвы ў сфэры адміністраваньня адвакацкай дзейнасьці, у прыватнасьці, ажыцьцяўляючы допуск да яе шляхам ліцэнзаваньня і кантралюючы дзейнасьць як асобных адвакатаў, так і інстытута адвакатуры ў цэлым.
  9. У 2018 годзе былі ўнесеныя зьмены ў заканадаўства, якія істотна пашыраюць дзяржаўны кантроль Інтэрнэту ў Беларусі. У прыватнасьці, уведзены дазвольны парадак рэгістрацыі ў якасьці інтэрнэт-СМІ, без наяўнасьці якой супрацоўнікі сайтаў СМІ пазбаўляюцца статусу журналіста, а таксама абавязковая ідэнтыфікацыя камэнтатараў форумаў. Працягваецца практыка прыцягненьня да адказнасьці журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі Міністэрства замежных справаў. Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў у 2018 годзе мелі месца па меншай меры 118 выпадкаў, агульная сума штрафаў склала каля 44 000 эўра.
  10. У апошні год сталі частымі выпадкі ціску на журналістаў і блогераў з выкарыстаньнем шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, а таксама антыэкстрэмісцкага заканадаўства. Захоўваецца крымінальная адказнасьць за паклёп (арт. 188), абразу (арт. 189), паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 367), абразу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 368), абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369), дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь (арт. 369.1).
  11. Нацыянальнае заканадаўства па-ранейшаму ўтрымлівае празмерныя абмежаваньні права на мірныя сходы. Прынятыя у 2018 годзе зьмены ў Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, згодна зь якім стала магчымым правядзеньне некаторых відаў сходаў у паведамляльным парадку, складана назваць прагрэсам. З прыняцьцём у яго разьвіцьцё Пастановы Савета Міністраў № 49 сытуацыя з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў грамадзянамі краіны яшчэ больш пагоршылася, паколькі памеры выдаткаў на правядзеньне сходаў, прадугледжаныя ў ёй, зьявіліся сур’ёзнай перашкодай у рэалізацыі гарантаваных канстытуцыйных свабодаў.
  12. Нягледзячы на ​​пэўныя крокі па паляпшэньні сытуацыі са свабодай асацыяцыяў, у прыватнасьці, адмену крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць у складзе незарэгістраваных арганізацыяў (арт. 193-1 Крымінальнага кодэкса), у гэтай галіне захоўваюцца значныя абмежаваньні. Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, партыяў, іх арганізацыйных структураў і фондаў зьяўляецца складаным і цяжкім, пакідае магчымасьць для дзяржаўных рэгіструючых органаў адвольна адмаўляць у рэгістрацыі любой ствараемай арганізацыі. Істотна абмежаваная магчымасьць для атрыманьня некамэрцыйнымі арганізацыямі фінансаваньня як з унутраных, так і з замежных крыніцаў. На фоне абмежавальнай практыкі, якая склалася, выклікае трывогу інфармацыя Міністэрства юстыцыі аб унясеньні ў Закон “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” зменаў адносна неабходнасьці публікацыяў грамадзкімі аб’яднаннямі справаздачаў аб выдаткаваньні атрыманых ахвяраваньняў.
  13. Мы вітаем адмену артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса і разглядаем гэта як важны і неабходны крок у накірунку паляпшэньня сітуацыі са свабодай асацыяцыяў у Беларусі. Разам з тым канстатуем, што замена крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць у складзе незарэгістраваных арганізацыяў на адміністрацыйную сьведчыць аб адсутнасьці палітычнай волі да забесьпячэньня рэальнай свабоды асацыяцыяў у нашай краіне.
  14. У месцах пазбаўленьня волі працягвае знаходзіцца Міхаіл Жамчужны, прызнаны беларускай праваабарончай супольнасьцю палітычным зьняволеным.
  15. Напярэдадні анансаваных на восень 2019 года выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў хочам зьвярнуць увагу на адсутнасьць якога-небудзь прагрэсу па імплемэнтацыі рэкамэндацыяў БДІПЧ АБСЭ аб рэфармаваньні выбарчага заканадаўства, якое ня ўтрымлівае дастатковых гарантыяў для правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў.
  16. Маюць месца сур’ёзныя праблемы ў сфэры рэалізацыі эканамічных і сацыяльных правоў. Шырока ўжываюцца такія формы прымусовай працы, як прымус грамадзянаў да ўдзелу ў бясплатных работах у інтарэсах дзяржавы (т. зв. суботнікі, работы па ўборцы ўраджаю і г.д.), прымусовая ізаляцыя грамадзянаў, якія пакутуюць на алкагалізм у ЛПП з мэтай прыцягненьня іх да працы, прымусовая праца “абавязаных асобаў”, прымусовая праца ў інтэрнатных установах пад выглядам “працоўнай рэабілітацыі”. Пры гэтым працягваецца ажыцьцяўленьне ціску дзяржавы на сябраў незалежных прафсаюзаў.
  17. Працягваюцца выпадкі выправаджэньня зь Беларусі асобаў у краіны, дзе ім могуць пагражаць катаваньні і/або сьмяротнае пакараньне ў парушэньне міжнародных і нацыянальных нормаў. Часьцяком гэта адбываецца не з выкарыстаньнем працэдуры экстрадыцыі, якая мае больш сур’ёзныя працэдурныя гарантыі, а з выкарыстаньнем спрошчаных працэдураў высылкі або дэпартацыі, што па сутнасьці з’яўляецца схаванай экстрадыцыяй (да прыкладу, Мехрдад ДжамшыдзіянІсмаіл Нальгіеў).

У сувязі з выкладзеным праваабарончая супольнасьць Беларусі рэкамэндуе:

1) структурам Эўрапейскага Саюза:

  • працягваць разглядаць правы чалавека важным элемэнтам на парадку дыялёгу па правах чалавека, а таксама прыцягваць для ўдзелу ў дыялёгу па правах чалавека прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасьці;
  • аказваць садзейнічаньне стварэньню і разьвіцьцю пляцовак ўнутры краіны для ўзаемадзеяньня дзяржаўных органаў і праваабарончай супольнасьці для эфэктыўнага выкананьня абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека;
  • падтрымаць выкананьне Рэспублікай Беларусь рэкамэндацыяў Камітэта ААН па правах чалавека і іншых дагаворных органаў, а таксама іншыя крокі ўраду, накіраваныя на рэальнае паляпшэньне становішча з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасьці, прадставіць экспэртную і іншую дапамогу ў рэфармаваньні заканадаўства і практыкі яго прымяненьня на аснове багатага вопыту дзяржаваў-удзельніцаў ЭЗ;
  • працягваць аказваць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці ў яе працы па абароне, падтрымцы і прасоўваньні правоў чалавека ў Беларусі;
  • уключаць кампанэнты правоў чалавека ва ўсе праекты, якія рэалізуюцца ў Беларусі пры фінансавай падтрымцы Эўрапейскага Зьвязу, а таксама прыцягваць да іх абмеркаваннья і рэалізацыі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.

2) уладам Беларусі:

  • распачаць актыўныя меры па ўдасканаленьні нацыянальнага заканадаўства для забесьпячэньня яго адпаведнасьці міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека;
  • працягваць практыку прыцягненьня шырокага кола прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасьці для абмеркаваньня зьменаў у заканадаўстве, якія закранаюць правы і свабоды чалавека;
  • стварыць пастаянна дзеючыя пляцоўкі для ўзаемадзеяньня дзяржаўных органаў і праваабарончай супольнасьці для выпрацоўкі прапановаў па паляпшэньню сытуацыі з правамі чалавека;
  • далучаць грамадзянскую супольнасьць у падрыхтоўку пэрыядычных дакладаў у дагаворныя органы ААН і ў межах УПА, а таксама ў ацэнку дзеючага і распрацоўку будучага Нацыянальнага пляну па правах чалавека;
  • распаўсюдзіць пазытыўныя прыклады і вынікі дыялёгу па правах асобаў з інваліднасьцю на ўсе сфэры правоў чалавека.

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”

ПЦ “Вясна”

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Асветніцкая ўстанова “Цэнтар прававой трансфармацыі”

Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі

РГА “Прававая ініцыятыва”

Простае таварыства “Ініцыятыва Forb”

ППУ “Офіс па правах людзей з інваліднасьцю”

ПУ “Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар”

Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава

Human Constanta

Узята з http://belngo.info

    Shares
Close Menu