Пра крыж(ыкі)… Пра кампраміс… з сумленнем.

Пра крыж(ыкі)… Пра кампраміс… з сумленнем.

Даравальная Нядзеля ў праваслаўных. Нядзеля радасці ў католікаў, а ва ўсіх хрысціянаў разам цяпер час падрыхтоўкі да свята Пасхі.

Нашыя сэрцы прагнуць хутчэйшага надыходу гэтага светлага свята. І гэта добра, бо як казаў Хрыстос Нікадэму: “хто паступае па праўдзе ідзе да святла.” (пар. Ян 3,21)
І можна дадаць, што той, хто ідзе з верай у сэрцы, непазбежна дойдзе і ўбачыць гэта святло, і нават моц сілаў цемры не можа стаць перашкодай на гэтым шляху.

Хрыстос у той жа размове з Нікадэмам заахвочвае даверыцца Яму і ўглядацца ў Яго – прыбітага да кыжа, так як Народ Ізраільскі ўглядаўся ў медзяную змяю ўзвышаную на пустыні пад-час вызвалення з Егіпецкага рабства. (пар Ян 3,14-21)

І так як на шляху да Зямлі Абяцанай, ў народзе ніхто з тых, хто даверыўся дапамозе Божай і пазіраў на ўзвышаную змяю, не загінуў. Так і сёння, кожны хто не адвярнецца ад свайго крыжа, таксама дачакаецца трыўмфальнага ўваходу ў Божае Валадарства.

У гэты момант, хтосьці скажа, паслухаем цябе наступным разам. Бо мы ўжо бачылі і крыжы ды і тых, хто ходзіць з імі на грудзях, і штосьці не заўважылі ва ўсім гэтым Божую дапамогу для народа на дарозе да царства праўды і справядлівасці.

…пра крыж.

Так так і немагчыма з гэтым, калі не цалкам, то прынамсі часткова не пагадзіцца. Сапраўды, мы хрысціяне добра навучыліся ўшаноўваць крыжы, іх упрыгожваць, залаціць, чапляць на грудзі, але ва ўсім гэтым недзе згубілі разуменне, што крыж павінен быць не на грудзях, але на плячах. А яшчэ лепш, калі не мы нясем крыж. Але калі дазваляем крыжу несці нас. Калі мы не ўцікаем і не хаваемся ад тых сітуацый, у якіх за вернасць Хрысту нас могуць укрыжаваць.

Шмат з тых, хто мае пазалочаныя ці якія іншыя крыжы, ці проста называе сябе хрысціянінам, насамрэч, цікае ад крыжа не горш, чым сатана ад ладана.
Падчас выпрабаванняў грамадска-палітычным крызісам выявілася, што некаторыя думалі і не перастаюць думаць, што можна ўратаваць сябе, іншых, Касцёл, Царкву разлічваючы на свае здольнасці прыстасоўніцтва ці на сымпатыі моцных гэтага свету. Цярпенняў пераследу, якія могуць быць выкліканыя з-за хрысціянскага радыкалізму, лепш наогул пазбегнуць. І варта рабіць усё, каб абмінуць укрыжавання.

І гэта ёсць памылка. З часоў няволі Егіпецкай, праз няволю Вавілонскую, Бог вучыць веруючага чалавека, што толькі углядаючыся ў Хрыста ўкрыжаванага і радыкальна Яго наследуючы, можна выратавацца.

(https://youtu.be/_CEB6wvAF4I 👍👍👍 цісні іглядзі пра Хрысціянскі радыкалізм.)🔥

Як не можа быць кампрамісу са злом, так і не можа быць альтэрнатыўных сродкаў паратунку.

… пра кампраміс.

“Над рэкамі Бабілёна сядзелі мы і плакалі,
калі ўспаміналі пра Сіён. На вербах пасярод яго
павесілі мы нашыя арфы.” (Пс 137, 1-2).

Псальміст ўзгадваючы няволю Вавілонскую, падкрэслівае, што Ізраіль не мог весяліцца і спеваць ў няволі. І хай сабе няволя адбываецца пад уладай мудрага Цара Кіра, з якім сам Бог меў асаблівыя сувязі і загадаў яму адбудаваць святыню ў Іерусаліме, рабства пазастаецца рабствам і ў няволі песен радасці быць не можа.

(https://youtu.be/PvcKRSBtNog тут На шляху да свабоды патрэбна толькі вера.)🔥🔥🔥

Чалавек веруючы, не тое што сам не можа заспяваць але і падцягнуць спеў таксама не можа, бо не можа веруючы задаволіцца поўпраўдай, пайсці на кампраміс са злом. Будучы ў няволі, трэба ланцугі разрываць, а не кайданы аслабляць, што абмяжоўваюць свабоду чалавека.

У Беларусі сёння шмат храмаў, шмат хрысціянаў, шмат святароў, прапаведнікаў і малітвенікаў шмат, але асабіста мне не хапае тых, хто маючы ўладу ад Бога ім дадзеную і ад імя народу ім даручанага непадпеваючы пад музыку насілля і беззаконня паўтораць словы псальміста: “Як жа нам спяваць песні Пана на чужой зямлі?” (Пс 137, 4)

Гэтыя словы добра гарманіруюць з атмасферай сучаснай Беларусі, бо зямля на якой дзеецца несправядлівасць для хрысціяніна не можа не быць чужой. І нават тое, што хтосьці скажа, што ў Беларусі ўсё не так кепска, бо храмы ніхто не руйнуе і не зачыняе, асабіста мяне не пацешыць. Бо калі руйнуецца сыстэма маральных каштоўнасцяў, руйнуецца самы галоўны храм які толькі можа мець чалавек, гэта храм сумлення. Так як напярэдадні няволі Вавілонскай беззаконні святароў і кіраўнікоў народу Ізраіля справацыравалі падпал святыні Іерусалімскай, так і сёння замоўчванне беззаконняў правакуе знішчэнне святыні сумлення.

А без сумлення і без сістэмы маральных каштоўнасцяў чалавеку наканавана трапіць у няволю ідэалогіі ды стаць шрубкай палітычнага рэжыму.

А таму важна ў сённяшні час, асабліва тым хто носіць пазалочаныя крыжы, праявіць сваю безкампрамісную пазіцыю. І спяваць выключна пад Божую мелодыю, а лепш не спяваць, а інакш, якім малітвеннікам не быў бы заспяваеш ва ўнісон музыкі няволі, пад акорды гвалту і беззаконня.

    Shares
Close Menu